Скрыть
9:1
9:2
9:4
9:5
9:7
9:8
9:11
9:12
9:14
9:15
9:17
9:18
9:20
9:22
9:23
9:24
9:25
9:26
9:27
9:34
9:38
9:39
Псалом 10 
10:0
10:2
10:3
10:5
10:7
Псалом 11 
11:1
11:6
11:8
11:9
Псалом 12 
12:1
12:3
12:5
Псалом 13 
13:4
13:5
Псалом 14 
Псалом 15 
15:1
15:2
15:6
15:7
15:9
Псалом 16 
16:2
16:4
16:6
16:7
16:9
16:11
16:12
16:13
16:14
Псалом 17 
17:2
17:4
17:5
17:10
17:11
17:13
17:15
17:16
17:18
17:19
17:22
17:23
17:24
17:25
17:26
17:27
17:33
17:36
17:38
17:39
17:40
17:45
17:46
17:49
17:51
Псалом 18 
18:0
18:3
18:4
18:6
18:10
18:12
18:13
18:14
Псалом 19 
19:1
19:3
19:4
19:7
19:9
19:10
Псалом 20 
20:1
20:2
20:6
20:8
20:10
20:12
20:13
20:14
Псалом 21 
21:1
21:3
21:4
21:7
21:11
21:12
21:14
21:15
21:20
21:21
21:22
21:24
21:32
Псалом 22 
22:0
22:2
22:3
Псалом 23 
23:0
23:7
23:8
23:9
23:10
Псалом 24 
24:0
24:2
24:5
24:9
24:12
24:16
24:18
24:20
24:21
24:22
Псалом 25 
25:0
25:1
25:3
25:7
25:9
25:10
25:11
Псалом 26 
26:0
26:2
26:6
Псалом 27 
27:0
27:6
27:9
Псалом 28 
28:0
28:2
28:4
28:7
28:8
28:11
Псалом 29 
29:8
29:9
29:11
29:12
Псалом 30 
30:1
30:3
30:5
30:8
30:15
30:18
30:19
30:25
Псалом 31 
31:3
31:11
Псалом 32 
32:4
32:5
32:8
32:14
32:15
32:16
32:19
32:20
32:22
Псалом 33 
33:2
33:4
33:12
33:14
33:17
33:18
Псалом 34 
34:2
34:3
34:6
34:9
34:12
34:13
34:14
34:16
34:17
34:20
34:22
34:24
34:25
34:28
Псалом 35 
35:1
35:4
35:10
35:11
35:12
35:13
Псалом 36 
36:3
36:4
36:7
36:10
36:12
36:13
36:14
36:15
36:18
36:21
36:23
36:33
36:34
36:38
Псалом 37 
37:1
37:4
37:6
37:8
37:9
37:10
37:11
37:13
37:15
37:16
37:17
37:18
37:20
37:22
37:23
Псалом 38 
38:8
38:9
38:11
38:14
Псалом 39 
39:1
39:2
39:6
39:12
39:17
Псалом 40 
40:1
40:3
40:6
40:7
40:11
40:12
40:13
Псалом 41 
41:2
41:4
41:7
41:11
Псалом 42 
42:0
42:1
42:4
Псалом 43 
43:5
43:8
43:9
43:11
43:12
43:15
43:16
43:17
43:19
43:20
43:21
43:27
Псалом 44 
44:2
44:5
44:16
44:18
Псалом 45 
45:3
45:4
45:5
45:7
Псалом 46 
46:1
46:2
46:4
46:5
46:8
46:10
Псалом 47 
47:1
47:5
47:9
47:10
47:12
47:13
47:14
Псалом 48 
48:1
48:2
48:3
48:4
48:6
48:10
48:12
48:14
48:17
48:20
Псалом 49 
49:6
49:8
49:10
49:11
49:13
49:20
49:22
Псалом 50 
50:1
50:4
50:10
50:11
50:14
Псалом 51 
51:1
51:5
51:6
51:8
У канец, пра тайны сына, псалом Давіда.
Буду славіць Цябе, Госпадзі, усім сэрцам маім, абвяшчаць усе цу́ды Твае.
Буду весяліцца і радавацца Табою, буду апяваць імя Тваё, Усявышні.
Калі паве́рнуць назад ворагі мае, аслабнуць і загінуць яны ад аблічча Твайго.
Бо Ты здзейсніў суд мой і цяжбу маю; Ты сеў на прастоле, Суддзя праведны.
Ты пакараў народы, і загінуў бязбожны, імя́ яго Ты знішчыў на векі вякоў.
У ворага не засталося зброі зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула памяць пра яго з шумам.
А Гасподзь жыве вечна; падрыхтаваў Ён для суда прастол Свой.
І будзе Ён судзіць свет па праўдзе, будзе судзіць народы па справядлівасці.
І стаў Гасподзь прытулкам убогаму, памочнікам у патрэбны час, у горы;
і няхай спадзяюцца на Цябе тыя, хто ведае імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, хто шукае Цябе, Госпадзі.
Спявайце Госпаду, Які жыве ў Сіёне, абвясціце народам справы Яго,
бо, спаганяючы за кроў іх, Ён памятае пра іх, не забыў крыку ўбогіх.
Памілуй мяне, Госпадзі; убач прыніжэнне маё ад ворагаў маіх, Ты, Які вызваляеш мяне з брамы смерці,
каб я абвяшчаў усю славу Тваю каля брамы дачкі Сіёна; буду радавацца спасенню, здзейсненаму Табою.
Увя́злі народы ў згубе, якую самі ўчынілі; у па́стку, якую паставілі яны, тра́піла нага іх.
Гасподзь адкрыва́е Сябе, здзяйсня́ючы суды; справамі рук сваіх злоўлены грэшнік.
Нахай сы́дуць грэшнікі ў пекла, усе народы, што забываюць Бога.
Бо не да канца забыты будзе бедны, надзея ўбогіх не загіне навек.
Устань, Госпадзі, каб не ўмацаваўся чалавек, каб здзейсніўся суд над народамі перад Табою.
Пастаў, Госпадзі, заканадаўца над імі; няхай зразумеюць народы, што яны — усяго толькі людзі.
Чаму Ты, Госпадзі, стаіш зводдаль, не зважаеш на нас у патрэбны час, у горы?
Калі ганарыцца бязбожны, раздражняецца бедны; абодва яны заблы́таны ў намерах, якія самі задумалі.
Бо хваляць грэшніка за пажа́днасці душы́ яго і крыўдзіцеля благаслаўляюць.
Разгне́ваў Госпада грэшнік, з вялікай дзёрзкасцю сваёю сказаўшы: "Не пакарае Бог"; для яго няма Бога.
Нячыстыя шляхі яго ва ўсякі час; не маюць значэння суды́ Твае для яго; над ўсімі ворагамі сваімі ён пануе.
Бо сказаў ён у сэрцы сваім: "Не пахіснуся; з роду ў род не будзе мне зла".
Вусны яго поўныя праклёнаў, злобы і падману; языком сваім ён прычыняе пакуты і боль.
Сядзіць ён у засадзе з багатымі, у патае́мных ме́сцах, каб забіць бязвіннага; вочы яго сочаць за ўбогім.
Падсцерагае ён тайна, як леў у логаве сваім; падсцерагае, каб схапіць беднага, каб схапіць беднага і пацягну́ць яго;
у цянётах сваіх пава́ліць яго; пахіснецца і ўпадзе сам, завалодаўшы ўбогімі.
Бо сказаў ён у сэрцы сваім: "Забыў Бог, адвярнуў аблічча Сваё, каб не ўбачыць ніколі".
Устань, Госпадзі Божа, няхай узнімецца рука Твая, не забудзь убогіх.2
Чым бязбожнік разгневаў Бога? Тым, што сказаў у сэрцы сваім: "Не пакара́е Ён".
Але Ты бачыш, бо глядзіш на пакуты і крыўды, каб былі аддадзены яны ў рукі Твае. Дык вось, Табе пакінуты бедны; сіраце Ты будзь памочнікам.
Знішчы сілу грэшніка і ліхадзея, так што шукаць будуць грэх яго і не знойдуць.
Гасподзь — Цар навек і на векі вякоў. Згіньце, язычнікі, з зямлі Яго!
Жаданне ўбогіх Ты пачуў, Госпадзі, намер сэ́рца іх успрыняло́ вуха Тваё.
Здзейсні правасуддзе сіраце і прыніжанаму, каб больш не ўзвялічваў сябе чалавек на зямлі.
У канец, псалом Давіда
На Госпада я спадзяюся; як жа вы скажаце душы маёй: "Пералятай у горы, як птушка"?
Бо вось грэшнікі нацягнулі лук, падрыхтавалі стрэлы ў калчане, каб у змроку страляць па тых, хто праведны сэ́рцам.
Бо тое, што Ты здзейсніў, яны разбурылі; а праведнік што зрабіў?
Гасподзь у храме святым Сваім; Гасподзь — на нябёсах прастол Яго, вочы Яго на ўбогага глядзяць, погляд Яго выпрабоўвае сыноў чалавечых.
Гасподзь выпрабоўвае праведнага і бязбожнага; а хто лю́біць няпраўду, той ненавідзіць сваю душу́.
Абры́не Ён на грэшнікаў пу́ты; агонь, і сера, і бурны вецер — наканаванне іх;
бо праведны Гасподзь і праўду ўзлюбіў; правату́ бачаць вочы Яго.
У канец, на васьміструнных, псалом Давіда.
Спасі мяне, Госпадзі; бо не засталося праведных, бо менш стала ісціны ў сыноў чалавечых.
Пустое гаварыў кожны бліжняму свайму; словы лжывыя — ў сэрцы, і ад сэрца гаварылася злое.
Знішчыць Гасподзь усе вусны лжывыя, язык напы́шлівы
тых, хто кажа: "Языком нашым узвялічым сябе; вусны нашы пры нас; хто нам Гасподзь?"
З-за пакут убогіх і стогнаў гаротных цяпер устану, — кажа Гасподзь, — здзейсню спасенне, адкры́юся ў ім.
Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра расплаўленае, аддзе́ленае ад зямлі, ачы́шчанае сем разоў.
Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.
Вакол ходзяць бязбожныя; з вышыні Тваёй памножыў Ты клопат пра сыноў чалавечых.
У канец, псалом Давіда.
Дакуль, Госпадзі, зусім будзеш забываць пра мяне? Дакуль будзеш адварочваць аблічча Сваё ад мяне?
Дакуль я буду разважаць у душы маёй, цярпець скруху ў сэрцы маім дзень і ноч? Дакуль будзе ўзносіцца вораг мой нада мною?
Паглядзі, пачуй мяне, Госпадзі Божа мой, прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я смяротным сном;
каб не сказаў вораг мой: "Я перасіліў яго". Ганіцелі мае ўзрадуюцца, калі я пахісну́ся.
А я спадзяюся на міласць Тваю; узрадуецца сэрца маё спасенню, дадзенаму Табою; буду спяваць Госпаду, Які зрабіў мне дабро, і буду апяваць імя Госпада Усявышняга.
У канец, псалом Давіда. Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: “Няма Бога”. Разбэсціліся яны і зрабіліся гнуснымі ва ўчынках сваіх; няма тых, хто робіць дабро, няма ніводнага.
Гасподзь паглядзеў з неба на сыноў чалавечых, каб убачыць, ці ёсць той, хто разумее альбо шукае Бога.
Усе збіліся з дарогі, разам сталі нягоднымі; няма таго, хто робіць дабро, няма ніводнага.3
Няўжо не абразу́мяцца ўсе, хто чы́ніць беззаконне? Яны з’ядаюць народ мой, як ядуць хлеб; Госпада яны не прызыва́лі.
Там яны трымцелі ад стра́ху, дзе не было стра́ху; таму што Гасподзь — з родам праведных.
Намер убогага вы асмяялі, але спадзяванне яго — Гасподзь.
Хто дасць з Сіёна выратаванне Ізраілю? Калі верне Гасподзь з палону народ Свой, тады ўзрадуецца Іакаў і ўзвесяліцца Ізраіль.
Псалом Давіда. Госпадзі! Хто зможа знаходзіцца ў жыллі Тваім? І хто паселіцца на святой гары Тваёй?
Той, хто жыве беззаганна і дзейнічае па праўдзе, хто гаворыць ісціну ад сэрца свайго;
хто не падманвае языком сваім, і не рабіў бліжняму свайму зла, і не зневажаў бліжніх сваіх;
хто з пагардай глядзіць на злачынца, а славіць тых, што баяцца Госпада; хто дае клятву бляжняму свайму і не парушае яе;
хто срэбра свайго не даваў у ліхвярства, і подкупу супраць невінаватага не прымаў. Хто робіць так, той не пахісне́цца давеку.
Напісанае на стаўпе Давідам. Захава́й мяне, Госпадзі, бо на Цябе я спадзяюся.
Я сказаў Госпаду: “Ты Гасподзь мой, Ты не маеш патрэбы ў дабротах маіх”.
Святы́м, якія на зямлí Яго, дзіўна адкры́ў Ён усе жада́нні Свае сярод іх.
Памножыліся немачы іх, а потым хутка мінулі. Я не збяру сходаў іх для праліцця́ крыві, і не згада́ю імёнаў іх вуснамі маімі.
Гасподзь — доля спадчыны маёй і чашы маёй. Ты вяртаеш мне спадчыну маю́.
Межы пакладзены для мяне ў найлепшых мясцінах, бо спадчына мая — найлепшая для мяне.
Буду благаслаўляць Госпада, Які на розум наставіў мяне; нават і ўначы вучыла мяне гэтаму ўнутранасць мая.
Я ба́чыў Го́спада перад сабою заўсёды, бо Ён правару́ч мяне, каб я не пахісну́ўся.
Таму ўзвесялілася сэрца маё і ўзрадаваўся язык мой, а таксама і плоць мая атрымае спакой у надзеі,
што Ты не пакінеш душы́ маёй ў пекле і не дасі праведніку Твайму ўбачыць тленне.
Ты паказаў мне шляхі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім, асалода ў руцэ Тваёй назаўжды.
Малітва Давіда. Пачуй, Госпадзі, праўду маю́, уважлівы будзь да малення майго, выслухай малітву маю з вуснаў нялжывых.
Ад аблічча Твайго суд мне няхай пры́йдзе; няхай вочы мае́ ўбачаць справядлівасць.
Ты вы́прабаваў сэрца маё, наведаў мяне ўначы, агнём вы́прабаваў мяне, і не знайшлося ўва мне няпраўды.
Каб не гаварылі вусны мае́ пра справы чалавечыя, я паводле слоў вуснаў Тваіх трымаўся шляхоў цяжкіх.
Умацу́й ногі мае на сцяжынах Тваіх, каб не пахіснуліся ногі мае.
Я клікаў, бо Ты слухаў мяне, Божа; схілі вуха Тваё да мяне і пачуй словы мае.
Яві дзівосныя міласці Твае, збаўляючы тых, хто спадзяецца на Цябе, ад тых, хто паўстае́ су́праць рукí Тваёй.
Захавай мяне, як зрэнку вока; пад покрывам крылаў Тваіх укрый мяне
ад аблічча грэшнікаў, якія напада́юць на мяне. Ворагі мае́ душу́ маю́ абступілі,
яны тлушчам заплылі, вусны іх прамаўлялі пыхліва.
Ганіцелі мае́ цяпер акружылі мяне, вачамі сваімі ўзіраюцца, як бы паваліць мяне на зямлю.
Падпільнавалі мяне, як леў, гатовы кінуцца на здабычу, і як ільвяня, што сядзіць у схове.
Устань, Госпадзі, апярэдзь іх і спыні іх; збаў душу маю ад бязбожніка, меч Твой адбяры ў ворагаў рукі Тваёй.
Госпадзі, ад нямногіх праведнікаў, якія ёсць на зямлі, аддзялі іх пры жыцці іх, хоць скарбамі Тваімі напоўнена чэрава іх; багаты яны сынамі і пакінулі рэшту нашчадкам сваім.
Я ж у праўдзе з`яўлюся перад абліччам Тваім, насычуся яўле́ннем мне славы Тваёй.
У канец, слугі Гасподняга Давіда, які прамовіў Госпаду словы песні гэтай у дзень, калі вызваліў яго Гасподзь з рук усіх ворагаў яго і з рук Саула,
і ён сказаў: Буду любіць Цябе, Госпадзі, сіла мая!
Гасподзь — цвярдыня мая, і прыстанішча маё, і Збавіцель мой, Бог мой, памочнік мой, і я буду спадзявацца на Яго, абаронца мой і рог спасення майго, заступнік мой.
З хвалою паклічу Госпада — і ад ворагаў маіх уратуюся.
Ахапілі мяне пакуты смяротныя, і патокі беззаконня ўзбуры́лі мяне;
мукі пякельныя агарнулі мяне, і пу́ты смерці сустрэлі мяне.
Але ў бядзе сваёй я паклікаў Госпада і да Бога майго ўсклікнуў; Ён пачуў з храма святога Свайго голас мой, і крык мой да Яго дасягнуў слыху Яго.
І здрыганулася і затрэслася зямля; і падножжы гор зрушыліся і задрыжэлі, бо разгневаўся на іх Бог.
Узняўся дым ад гневу Яго, і агонь ад аблічча Яго разгарэўся, вуголле распалілася ад Яго.
І нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
І ўзышоў на херувімаў і паляцеў, паляцеў на крылах ветру.
І зрабіў цемру покрывам Сваім; вакол Яго — скінія Яго, цёмная вада ў аблоках паветраных.
Ад ззяння перад абліччам Яго прайшлі аблокі, град і вуголле вогненнае.
І прагрымеў з неба Гасподзь, і Усявышні падаў голас Свой.
І пусціў Ён стрэлы — і разагнаў іх, і паслаў мноства маланак — і прывёў іх у замяшанне.
І з'явіліся крыніцы вод, і адкрыліся асновы свету па загаду Твайму, Госпадзі, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
Ён працягнуў руку́ з вышыні і ўзяў мяне, выцягнуў мяне з вод вялікіх.
Ён збавіў мяне ад ворагаў маіх моцных і ад тых, што ненавідзяць мяне, якія былі дужэйшымі за мяне.
Яны напалі на мяне ў дзень бедства майго, але Гасподзь быў апораю мне
і вывеў мяне на прастор, вызваліў мяне, бо Ён прыхільны да мяне.
І ўзнагародзіць мяне Гасподзь за праведнасць маю і за чысціню рук маіх ўзнагародзіць мяне;
бо я трымаўся шляхоў Гасподніх і не адступіўся ад Бога майго;
бо ўсе законы Яго перада мною, і ад устанаўленняў Яго не адыходзіў я.
І буду я беззаганны перад Ім і захаваю сябе ад беззаконня.
І ўзнагародзіць мяне Гасподзь за праведнасць маю і за чысціню рук маіх перад вачыма Яго.
З праведным Ты абыдзешся праведна, і з чалавекам бязвінным — паводле бязвіннасці яго,
і з абра́ннікам абыдзешся як з абра́ным, а з каварным — паводле каварства яго.
Бо Ты людзей пакорлівых спасеш, а ганарлівых прымусіш апусціць вочы.
Бо Ты запаліш свяцільнік мой, Госпадзі; Божа мой, Ты прасве́тліш цемру маю.
Бо Табою я збаўлены буду ад спакусы, і з Богам маім я пераадо́лею сцяну.
Бог мой! Беззаганны шлях Яго, словы Госпада палымяныя; Ён Абаронца ўсіх, хто спадзяецца на Яго.
Бо хто Бог, акрамя Госпада? І хто Бог, акрамя Бога нашага?
Бог апаясвае мяне сілаю, і Ён зрабіў беззаганным шлях мой,
Ён умацоўвае ногі мае, як у аленя, і на вышынí ставіць мяне;
навучае рукі мае ваяваць, і зрабіў мышцы мае медным лукам.
І даў Ты мне шчыт спасення майго, і дзяснíца Твая падтрымала мяне, і настаўленне Тваё прывядзе мяне да дасканаласці, і настаўленне Тваё само наву́чыць мяне.
Ты зрабіў шырокімі крокі мае на шляху́ маім, і не аслабелі ногі мае.
Я буду праследаваць ворагаў маіх і даганю іх, і не вярнуся, пакуль яны не загінуць;
паражу́ іх, і не змогуць яны ўстаяць, падуць пад нагамі маімі.
І апаясаў Ты мяне сілаю на бітву, кінуў пад ногі мае ўсіх, хто паўстаў супраць мяне;
і ворагаў маіх Ты прымусіў уцякаць; і тых, хто ненавідзеў мяне, Ты знішчыў.
Яны клікалі на дапамогу, але не было каму іх ратаваць; Госпада клікалі, але Ён не пачуў іх.
І я разве́ю іх, як пыл перад абліччам ветру, як бруд на дарозе растапчу іх.
Ты збавіш мяне ад супраціўлення народа, паставіш мяне на чале іншых народаў; народ, якога я не ведаў, стаў служы́ць мне;
толькі пачуўшы пра мяне, ён скарыўся мне; а чужынцы здрадзілі мне;
чужынцы знясілелі і сталі кульгаць на шляхах сваіх.
Жыве Гасподзь і благаславёны Бог! І няхай будзе ўзвялічаны Бог спасення майго,
Бог, Які помсціць за мяне і Які пакарыў мне народы,
Які збавіў мяне ад ворагаў маіх лютых; над тымі, хто паўстае супраць мяне, Ты ўздымеш мяне; ад чалавека няправеднага збавіш мяне.
За гэта я буду славіць Цябе сярод народаў, Госпадзі, і імені Твайму буду спяваць;
Ты ўзвялічваеш уратаванага Табою цара і робіш міласць памазанніку Твайму Давіду і нашчадкам Яго давеку.
1. У канец, псалом Давіда.
Нябёсы апавядаюць пра славу Божую, і пра створанае рукамі Яго абвяшчае цвердзь;
дзень дню перадае словы, і ноч ночы абвяшчае ве́ды.
Няма моў і няма слоў, на якіх бы не чуліся галасы іх;
па ўсёй зямлі разнёсся голас іх, і да краёў свету — словы іх. Сонцу Ён вызначыў жытло яго,
і яно, як жаніх, што выходзіць з хораму свайго, радуецца, як волат, ідучы́ шля́хам сваім.
Ад краю неба ўзыход яго, і за́хад яго на кра́і неба, і ніхто не пазбаўлены цеплыні яго.
Закон Госпада бездакорны — ён настаўляе ду́шы; сведчанне Госпада вартае веры — яно ўразумляе дзяцей;
устанаўленні Госпада справядлівыя — яны радуюць сэ́рца; запаведзь Госпада светлая — яна прасвятляе вочы;
страх Гасподні чысты — ён застаецца навек; суды́ Гасподнія — ісцінныя, справядлівыя ва ўсім;
яны жаданыя больш за золата і за шматкаштоўны камень, і саладзейшыя за мёд у сотах.
І вось, раб Твой захоўвае іх; за захаванне іх — узнагарода вялікая.
Саграшэнні свае хто ўсвядоміць? Ад не ўсвядо́мленых мною ачысці мяне,
і ад непрыстойных зберажы раба Твайго; калі яны не завалодалюць мною, буду я беззаганны і ачышчуся ад граху вялікага.
І будуць даспадобы Табе словы вуснаў маіх і памкненне сэрца майго, Госпадзі, Памочнік мой і Збавіцель мой!
У канец, псалом Давіда.
Няхай пачуе цябе Гасподзь у дзень смутку, няхай абароніць цябе імя Бога Іа́кавага.
Няхай пашле табе дапамогу са свяцілішча, і з Сіёна няхай падтрымае цябе.
Няхай успомніць кожную ахвяру тваю, і ўсеспаленне тваё няхай прызна́е шчодрым.
Няхай дасць табе паводле жадання сэрца твайго, і кожны наме́р твой няхай здзейсніць.
Узрадуемся выратаванню твайму, і імем Бога нашага ўзвялíчымся. Няхай выканае Гасподзь усе прашэнні твае.
Цяпер спазнаў я, што ўратаваў Гасподзь памазанніка Свайго, пачуў яго з неба святога Свайго; спасенне — у магутнай дзясніцы Яго.
У адных — калясніцы, у другіх — коні, а мы імем Госпада Бога нашага ўзвялíчымся.
Яны спатыкнуліся і ўпалі, а мы ўзнялíся і стаім трыва́ла.
Госпадзі! Уратуй цара і пачуй нас у той дзень, калі будзем клікаць Цябе.
У канец, псалом Давіда.
Госпадзі, сіле Тваёй ўзрадуецца цар, і збаўленнем, якое Ты даеш, ён вельмі ўсце́шыцца.
Чаго жадала сэрца яго, Ты даў яму, і чаго прасілі вусны яго, Ты не пазбавіў яго.
Бо Ты сустрэў яго благаславеннем міласцівым, Ты ўсклаў на галаву яго вянец з каштоўных камянёў.
Жыцця прасіў ён у Цябе, і Ты даў яму даўгалецце на векі вякоў.
Вялікая слава яго, зба́ўленага Табою; славаю і ве́ліччу Ты ўшануеш яго;
бо дасі Ты яму благаславенне на векі вякоў, узвесяліш яго радасцю перад абліччам Тваім.
Таму што цар спадзяецца на Госпада, і па міласці Усявышняга не пахісне́цца ён.
Няхай знойдзе рука Твая ўсіх ворагаў Тваіх, дзясніца Твая няхай знойдзе ўсіх, хто ненавідзіць Цябе.
Ты кінеш іх у печ вогненную ў час яўле́ння аблічча Твайго; гневам Сваім Гасподзь знíшчыць іх, і з’есць іх агонь.
Ты вынішчыш плод іх на зямлі і нашчадкаў іх — сярод сыноў чалавечых,
бо яны намерыліся ўчынíць Табе зло, выношвалі заду́мы, якіх не могуць здзейсніць.
І паве́рнеш Ты іх назад; астатнія ж стрэлы Твае нацэліш у твар ім.
Узвы́сся, Госпадзі, у сіле Тваёй; мы будзем апяваць і праслаўляць сілы Твае.
У канец, пра заступніцтва ранішняе, псалом Давіда.
Божа, Божа мой, пачуй мяне! Чаму Ты пакінуў мяне? Аддаляюць мяне ад спасення словы грэхападзення майго.
Божа мой, я клічу ўдзень — і Ты не чуеш, уначы — і гэта не ад неразумнасці маёй.
Ты ж у свяцілішчы жывеш, хвала́ Ізраіля.
На Цябе спадзяваліся айцы нашы; спадзяваліся, і Ты вы́зваліў іх;
да Цябе ўсклікалі яны, і былі вы́ратаваны; на Цябе спадзяваліся, і не былі пасаромлены.
Я ж — чарвяк, а не чалавек, зневажа́ны ў людзей і пагарджа́ны ў народзе.
Усе, хто бачыў мяне, насміхаліся з мяне, прамаўлялі вуснамі, ківаючы галавою:
"Спадзяваўся на Госпада — няхай Ён вызваліць яго, няхай уратуе яго, калі ён даспадобы Яму".
Але Ты, Які вывеў мяне з улоння, — надзея мая ад грудзей маці маёй;
Табе я дару́чаны ад нараджэння, ад чэрава маці маёй Ты — мой Бог.
Не аддаляйся ад мяне, бо няшчасце блізка, бо памочніка няма.
Акружыла мяне мноства цяльцоў, тлустыя быкі абступілі мяне;
раскрылі на мяне па́шчу сваю, як леў, што хапа́е здабычу і рыка́е.
Нібы вада, распляска́ны я; і раскíданы ўсе косці мае; сэрца маё зрабілася, як воск, што та́е ўнутры мяне;
ссохлася, як чарапок, сіла мая; і язык мой прыліп да паднябе́ння майго; і ў пыл смерці Ты звёў мяне.
Бо акружыла мяне мноства сабак, скопішча зламысных абступіла мяне, працялі рукі мае і ногі,
пералічылі ўсе косці мае, а самі глядзелі і рабілі відовішча з мяне,
раздзялíлі адзе́нне маё між сабою і пра во́пратку маю́ кíдалі жэ́рабя.
Ты ж, Госпадзі, не пакінь мяне без абароны; на дапамогу мне паспяшайся;
збаў ад мяча душу́ маю́, і ад лап сабачых — адзіную маю́;
уратуй мяне ад пашчы льва, і ад рагоў адзінарогаў — мяне, пакорлівага.
Буду абвяшчаць імя Тваё брата́м маім, на сходзе буду апяваць Цябе.
Тыя, хто баіцца Госпада, усхвалíце Яго; усе нашчадкі Іакава, прасла́ўце Яго; няхай баяцца Яго ўсе нашчадкі Ізраіля,
бо Ён не пагарджаў і не грэбаваў малітвай убогага, і не адвярнуў аблічча Свайго ад мяне, і калі я ўсклікнуў да Яго, Ён пачуў мяне.
Ты даў мне ўзносіць хвалу на сходзе вялікім4; абяцанні свае я выканаю перад тымі, хто баіцца Яго.
Будуць есці ўбогія і насы́цяцца; і ўсхва́ляць Госпада тыя, што шукаюць Яго; жыць будуць сэрцы іх на векі вякоў.
Згада́ны будуць і зве́рнуцца да Госпада ўсе канцы зямлі, і пакло́няцца перад Ім усе плямёны людскíя,
бо ў Госпада — царская ўлада, і Ён улада́рыць над народамі.
Будуць есці і пакло́няцца ўсе заможныя на зямлі; схíляцца перад Ім усе, хто адыходзіць у зямлю. І душа мая Ім жыве,
і нашчадкі мае будуць служы́ць Яму, і будзе абвяшчаць пра Госпада будучае пакаленне,
і будуць абвяшчаць праўду Яго людзям, якія наро́дзяцца, якіх стварыў Гасподзь.
Псалом Давіда
Гаспо́дзь па́свіць мяне, і я ні ў чым не бу́ду мець няста́чы.
На зялёным лузе — там Ён пасяліў мяне́, каля цíхай вады ўзгадава́ў мяне́,
душу́ маю́ навярну́ў. Ён скірава́ў мяне́ на сце́жкі пра́ўды дзе́ля імя́ Свайго́.
Таму, калí я пайду́ на́ват далíнаю смяро́тнага це́ню, то не збаю́ся зла, бо Ты са мно́ю; Тваё жазло́ і Твой по́сах — яны́ суцяша́юць мяне́.
Ты прыгатава́ў для мяне́ трапе́зу на вача́х во́рагаў маíх; нама́сціў але́ем галаву́ маю́; і ча́ша Твая́, якая напо́йвае мяне, — самая лепшая.
І мíласць Твая няха́й спадаро́жнічае мне ва ўсе дні жыцця́ майго́, і каб жыць мне ў до́ме Гаспо́днім мно́гія дні.
Псалом Давіда, у першы дзень тыдня
Го́спаду нале́жыць зямля́ і ўсё, што напаўня́е яе́, свет і ўсе жыхары́ яго́.
Бо Ён на мо́рах заснава́ў яе́ і на рэ́ках усталява́ў яе́.
Хто ўзы́дзе на гару́ Гаспо́днюю, або́ хто ста́не на святы́м ме́сцы Яго́?
Той, у каго́ ру́кі бязвíнныя і сэ́рца чы́стае, хто ў душы́ сваёй не захапіўся ма́рным і не кля́ўся лжы́ва бліжняму свайму.
Ён атрыма́е благаславе́нне ад Го́спада і мíласць ад Бо́га, Спасíцеля свайго́.
Такí род тых, якія шука́юць Го́спада, шука́юць аблíчча Бо́га Іа́кавага.
Падымíце, князí, варо́ты свае́, і падымíцеся, варо́ты ве́чныя, і ўво́йдзе Цар сла́вы.
Хто́ гэ́ты Цар сла́вы? Гаспо́дзь, мо́цны і ду́жы, Гаспо́дзь, ду́жы ў бíтве.
Падымíце, князí, варо́ты свае́, і падымíцеся, варо́ты ве́чныя, і ўво́йдзе Цар сла́вы.
Хто гэ́ты Цар сла́вы? Гаспо́дзь сіл, Ён — Цар сла́вы.
Псалом Давіда
Да Цябе, Госпадзі, я ўзнёс душу́ маю. Божа мой!
На Цябе я спадзяю́ся, каб не быць пасаромленым навек, каб не пасмяяліся з мяне ворагі мае.
Бо ўсе тыя, хто спадзяе́цца Цябе, не будуць пасаромлены; няхай пасаромлены будуць тыя, хто чы́ніць беззаконні марна.5
Шляхі Твае, Госпадзі, пакажы мне і сцяжы́нам Тваім навучы мяне.
Настаў мяне на ісціну Тваю і навучы мяне, бо Ты Бог, Спасіцель мой, і на Цябе я спадзяваўся кожны дзень.
Успомні шчодрасці Твае, Госпадзі, і міласці Твае, бо яны адвечныя.
Грахоў юнацтва майго і няведання майго не памінай; па міласці Тваёй памяні мяне, па добрасці Тваёй, Госпадзі.
Добры і справядлівы Гасподзь, таму ўкажа Ён закон тым, што саграшаюць на сваім шляху.
Наставіць Ён лагодных на шлях праўды, наву́чыць лагодных шляхам Сваім.
Усе шляхі Гасподнія — міласць і ісціна для тых, што шукаюць запавету Яго і сведчанняў Яго.
Дзеля імя Твайго, Госпадзі, ачысці грэх мой, бо вялікі ён.
Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Яму ўкажа Ён закон на шляху, што абраў.
Душа яго ў дабры жыць будзе, і патомства яго атрымае ў спадчыну зямлю.
Гасподзь — сіла тых, хто баіцца Яго, і запавет Свой Ён адкрые ім.
Вочы мае́ заўжды да Госпада, бо Ён вызваліць з пасткі ногі мае́.
Спаглянь на мяне і памілуй мяне, бо адзінокі і ўбогі я.
Бе́ды сэрца майго памножыліся, з пакут маіх выбаві мяне.
Паглядзі на пакору маю́ і знямо́гу маю́, і прабач усе грахі мае́.
Паглядзі на ворагаў маіх, як многа стала іх і як нянавісцю няправеднай яны ўзненавідзелі мяне.
Захавай душу маю́ і збаў мяне, каб не быў я пасаромлены, што спадзяваўся на Цябе.
Незласлівыя і праведныя прыхіну́ліся да мяне, бо я спадзяваўся на Цябе, Госпадзі.
Збаў, Божа, Ізраіль ад усіх бед яго.
Давідаў
Судзі мяне, Госпадзі, бо ў бязвіннасці жыў я і ў надзеі на Госпада не аслабну.
Правер мяне, Госпадзі, і вы́прабуй мяне, дасле́дуй агнём нутро маё і сэрца маё.
Бо міласць Твая — перад вачыма маімі, і я дагадзіў Табе ў ісціне Тваёй.
Не сядзеў я на сходзе з пустасловамі і да беззаконных не пайду;
узненавідзеў я зборышча зламы́сных і разам з бязбожнымі не сяду.
Умыю з нявіннымі рукі мае́ і абыду́ вакол ахвярніка Твайго, Госпадзі,
каб пачуць мне голас хвалы́ Табе і расказаць пра ўсе цуды Твае.
Госпадзі! Узлюбіў я прыгажосць дома Твайго і месца, дзе жыве слава Твая.
Не загубі з бязбожнымі душу́ маю і з крывапраліўцамі — жыццё маё,
у іх руках — беззаконні, дзясніца іх напоўнена ха́барам.
А я жыў у бязвіннасці; збаў мяне і памілуй мяне.
Нага мая стаіць на шляху́ праўды; у цэрквах буду благаслаўляць Цябе, Госпадзі.
Давідаў, перад памазаннем
Гасподзь — святло маё і Спасіцель мой: каго мне баяцца? Гасподзь — Абаронца жыцця майго: каго мне страшы́цца?
Калі набліжаліся да мяне ліхадзеі, каб з’есці плоць маю, праціўнікі мае і ворагі мае, то самі яны спатыкнуліся і ўпалі.
Калі выступіць супраць мяне войска, то не спалохаецца сэрца маё; калі пачнецца супраць мяне вайна, і тады я захаваю надзею.
Аднаго прасіў я ў Госпада, і гэтага буду шукаць: каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцця майго, бачыць хараство Гасподняе і наведваць святы храм Яго.
Бо Ён схаваў мяне ў скініі Сваёй у дзень бедстваў маіх; захаваў мяне ў тайнай скініі Сваёй, на скалу ўзнёс мяне.
І цяпер, як толькі ўзняў Ён галаву маю над ворагамі маімі, я абыйшоў ахвярнік і прынёс у скініі Яго ахвяру хвалы і славаслоўя; буду спяваць і апяваць Госпада.
Пачуй, Госпадзі, голас мой, якім клічу я; памілуй мяне і пачуй мяне.
Табе сказала сэрца маё: "Госпада шукаю"; Цябе шукала аблічча маё, аблічча Твайго, Госпадзі, я буду шукаць.
Не адвярні аблічча Твайго ад мяне, не адхіліся ў гневе ад раба Твайго; будзь мне памочнікам, не праганяй мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасіцель мой!
Таму што бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а Гасподзь прыня́ў мяне.
Навучы мяне закону, Госпадзі, на шляху Тваім і вядзі мяне сцяжынаю прамою наперакор ворагам маім.
Не аддай мяне ў рукі ганіцеляў маіх; бо паўсталі на мяне сведкі няправедныя, і салга́ла няпраўда сама сабе.
Веру, што ўбачу я даброты Гасподнія на зямлі жывых.
Спадзявайся на Госпада, будзь мужным, і няхай умацуецца сэрца тваё; і спадзявайся на Госпада.
Псалом Давіда
Да Цябе, Госпадзі, я ўсклікаю, Божа мой, не маўчы мне ў адказ, каб, калі Ты будзеш маўчаць мне ў адказ, не стаў я падобным да тых, што сыходзяць у дол.
Пачуй голас малення майго, калі я малюся да Цябе, калі ўздымаю рукі мае́ да святога храма Твайго.
Не далучы да грэшнікаў душу маю і не загубі мяне з тымі, якія чыняць няпраўду, якія бліжнім сваім гавораць: “мір”, а ў сэрцы сваім маюць зло.
Адплаці ім, Госпадзі, за справы іх і за ліхія учынкі іх; за справы рук іх адплаці ім; дай ім тое, што заслужылі яны.
Бо не зразумелі яны спраў Госпада і спраў рук Яго; нізрыні іх і не дай ім узняца.
Благаславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас малення майго.
Гасподзь — Памочнік мой і Абаронца мой, на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне, і расцвіла плоць мая; і я шчыра буду славіць Яго.
Гасподзь — магутнасць народа Свайго і выратавальная абарона памазанніка Свайго.
Спасі народ Твой і благаславі спадчыну Тваю; і пасві іх, і ўзвышай іх давеку.
Псалом Давіда, на перанясенне скініі
Прынясіце Госпаду, сыны́ Божыя, прынясіце Госпаду малы́х ягнят, узнясіце Госпаду славу і пашану,
узнясіце Госпаду славу імені Яго; пакланіцеся Госпаду ў двары святым Яго.
Голас Госпада над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над водамі многімі.
Голас Госпада — у магутнасці; голас Госпада — у велічы.
Голас Госпада ламае кедры; і зламае Гасподзь кедры Ліванскія,
і сатрэ́ іх у прах, як цяльца, сатрэ Ліван, а ўзлюблены — як сын адзінарога.
Голас Госпада рассякае полымя агню,
голас Госпада скалана́е пустыню, і скалане́ Гасподзь пустыню Кадыйскую.
Голас Госпада ўмацоўвае аленяў і агаляе дубровы; і ў храме Яго кожны абвяшчае славу Яго.
Гасподзь насяліў зямлю пасля патопу, і будзе Гасподзь на прастоле як Цар вечна.
Гасподзь моц народу Свайму дасць; Гасподзь благаславіць народ Свой мірам.
У канец, псалом песні на абнаўленне дома Давіда.
Узвялічу Цябе, Госпадзі, бо падняў Ты мяне і не даў маім ворагам трыумфаваць нада мною.
Госпадзі Божа мой, я паклікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне.
Госпадзі, Ты вывеў з пекла душу маю, Ты ўратаваў мяне, каб не сышоў я ў дол.
Спявайце Госпаду, праведнікі Яго, памятайце і праслаўляйце святасць Яго,
бо кара — ў гневе Яго, і жыццё — ў волі Яго; увечары запануе плач, а раніцай — радасць.
Я сказаў у час дабрабыту майго: "Не пахіснуся давеку".
Госпадзі, па волі Тваёй, дай сілу дабрыні маёй; але Ты адвярнуў аблічча Тваё, і я збянтэжыўся.
Да Цябе, Госпадзі, я буду ўсклікаць, да Бога майго буду маліцца.
Якая карысць у крыві маёй, калі я сыду ў тленне? Хіба будзе праслаўляць Цябе прах? Ці будзе абвяшчаць ён ісціну Тваю?
Пачуў Гасподзь і памілаваў мяне; Гасподзь стаў памочнікам мне.
Ты ператварыў плач мой у радасць мне, разарваў Ты лахманы мае і падперазаў мяне весялосцю,
каб апявала Цябе слава мая і не быў я засму́чаны. Госпадзі, Божа мой, вечна буду славіць Цябе.
У канец, псалом Давіда, у захапленні.
На Цябе, Госпадзі, я спадзяюся, каб не быць пасаромленым давеку; па праўдзе Тваёй збаў мяне і вызвалі мяне.
Схілі да мяне вуха Тваё, паспяшайся вызваліць мяне; будзь для мяне Богам-абаронцам і месцам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
Бо Ты — моц мая і прыстанішча маё; і дзеля імя Твайго вядзі мяне і падмацоўвай мяне;
вызвалі мяне з пасткі гэтай, якую тайна паставілі на мяне, бо Ты — абаронца мой, Госпадзі.
У рукі Твае аддаю дух мой; Ты вызваліў мяне, Госпадзі, Божа ісціны.
Ты ўзненавідеў тых, хто дарэмна шануе марнасць; а я на Госпада спадзяваўся.
Буду радавацца і весяліцца міласці Тваёй, бо Ты ўбачыў пакорлівасць маю, збавіў ад пакут душу маю
і не аддаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў на прасторным месцы ногі мае.
Памілуй мяне, Госпадзі, бо цяжка мне; азмрочыліся ад гора вока маё, душа мая і нутро маё.
Бо страціла сілу ў пакутах жыццё маё, і гады́ мае прайшлі ў стогнах; аслабла ў нягодах сіла мая, і косці мае сталі трэсціся.
Ад усіх ворагаў маіх я цярпеў ганьбу, а найбольш — ад суседзяў маіх, і страшным я стаў для знаёмых маіх; убачыўшы мяне, прэч уцякалі ад мяне.
Забыты я быў, нібы мёртвы, у сэрцах іх; я стаў як разбітая пасудзіна.
Бо чуў я знявагі ад многіх, што жылі вакол, калі яны збіраліся разам, змаўляючыся супраць мяне, як захапіць душу́ маю.
А я на Цябе, Госпадзі, спадзяваўся і казаў: Ты Бог мой.
У Тваіх руках лёс мой; збаў мяне ад рукі ворагаў маіх і ад ганіцеляў маіх.
Яві аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне па міласці Тваёй.
Госпадзі! Няхай не буду я пасаромлены, што заклікаў Цябе; няхай будуць пасаромлены бязбожныя і сы́дуць у пекла.
Няхай анямеюць вусны лжывыя, што вінавацяць праведнага ў беззаконні з пыхаю і пагардаю.
Наколькі вялікае мноства добрасці ў Цябе, Госпадзі, якую Ты захаваў для тых, хто баіцца Цябе, падрыхтаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе перад сынамі чалавечымі!
Ты захаваеш іх пад покрывам аблічча Твайго ад абурэння чалавечага, дасі ім сховішча ад ліхіх языкоў.
Благаславёны Гасподзь, што дзівосна явіў міласць Сваю, захаваўшы мяне быццам ва ўмацаваным горадзе.
Я ж сказаў ва ўзрушэнні маім: “Адкінуты я прэч ад вачэй Тваіх”; таму Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.
Узлюбíце Госпада, усе праведнікі Яго, бо ісціны патрабуе Гасподзь, а ганарліўцаў карае грозна.
Будзьце мужныя, і няхай мацуецца сэрца ваша — усе, хто спадзяецца на Госпада!
Псалом Давіда, для настаўлення. Блажэнныя тыя, чые беззаконні адпу́шчаны і чые грахі праба́чаны;
блажэнны чалавек, якому Гасподзь не залічыць граху і ў вуснах якога няма падману.
Калі я маўчаў, аслаблі косці мае, бо я стагнаў увесь дзень;
бо дзень і ноч нада мною цяжа́р рукі Тваёй; я цярпеў пакуты, калі ўпілíся ў мяне церні.
Беззаконне маё я ўсвядоміў і граху майго я не ўтаіў, сказаў я: "Прызна́ю беззаконне маё перад Госпадам "; і Ты прабачыў грэх сэрца майго.
Таму будзе маліцца Табе кожны праведнік у час належны, і тады ў час разліву воды многія да яго не наблізяцца.
Ты — маё сховішча ад скрухі, якая ахапіла мяне; радасць мая, збаў мяне ад тых, што акружылі мяне.
"Настаўлю цябе на розум і скірую цябе на шлях той, па якім ты пойдзеш; звярну да цябе вочы Мае".
Не будзьце, як конь і мул, у якіх няма розуму, якіх прыцягваюць аброццю і цуглямі ў сківіцах, калі яны не ідуць за табой.
Многія кары будуць грэшнаму; а таго, хто спадзяецца на Госпада, міласць акру́жыць.
Весяліцеся ў Госпадзе і радуйцеся, праведныя; і хваліцеся Ім ўсе шчырыя сэрцам.
Давідаў. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе; праведнікам належыць усхваля́ць Яго.
Праслаўляйце Госпада на гуслях, на псалтыры дзесяціструнным спявайце Яму.
Спявайце Яму песню новую; добра спявайце Яму, з ускліканнем.
Бо праўдзівае слова Госпада, і ўсе справы Яго справядлівыя.
Любіць міласціну і суд Гасподзь; міласцю Гасподняю напоўнена зямля.
Словам Гасподнім нябёсы ўмацаваны, і духам вуснаў Яго — уся сіла іх.
Ён збірае, нібы ў мех, воды марскія; змяшчае бездані ў сховах.
Няхай баіцца Госпада ўся зямля; няхай трымцяць перад Ім усе, хто жыве на свеце,
бо Ён сказаў — і здзейснілася, Ён загадаў — і стварылася.
Гасподзь разбурае задумы народаў; руйнуе намеры людзей; знішчае задумы правіцеляў;
а воля Госпада навек застаецца; намеры сэрца Яго — з роду ў род.
Блажэнны народ, для якога Гасподзь — гэта Бог яго, той народ, які Ён выбраў у спадчыну Сабе.
З неба паглядзеў Гасподзь, убачыў усіх сыноў чалавечых;
з усталяванай абіцелі Сваёй паглядзеў на ўсіх, што жывуць на зямлі,
Той, Хто стварыў сэрца кожнага з іх, Хто ўнікае ва ўсе справы іх.
Не ўратуецца цар шматлікім войскам; і волат не ўратуецца вялікаю сілаю сваёю.
Ненадзейны конь для выратавання, вялікаю сілаю сваёю не ўратуе ён.
Вось, вочы Гасподнія на тых, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на міласць Яго,
каб збавіць ад смерці ду́шы іх і пракарміць іх у час голаду.
Душа наша чакае Госпада, бо Ён — памочнік і абаронца наш;
бо Ім радуецца сэрца наша і на імя святое Яго мы спадзяёмся.
Няхай будзе міласць Твая, Госпадзі, на нас, бо мы спадзяёмся на Цябе
Давідаў, калі ён змяніў аблічча сваё перад Авімелехам, і той адпусціў яго, і ён пайшоў.
Благаслаўлю Госпада на ўсякі час, заўжды хвала Яму ў вуснах маіх.
Госпадам будзе хваліцца душа мая, няхай пачуюць лагодныя і ўзвесяляцца.
Велічайце Госпада са мною і ўзнясём імя Яго разам.
Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бед маіх збавіў мяне.
Прыступіце да Яго і прасвятліцеся, і абліччы вашы не будуць пасаромлены.
Вось, убогі паклікаў, і Гасподзь пачуў яго, і ад усіх бед яго збавіў яго.
Будзе на варце Ангел Гасподні вакол тых, што баяцца Яго, і ўратуе іх.
Зведайце і ўбачыце, які добры Гасподзь; блажэнны чалавек, які спадзяецца на Яго.
Бойцеся Госпада, усе святыя Яго, бо не маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.
Багатыя збяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, не зведаюць нястачы ні ў якім дабры.
Прыйдзіце, дзеці, паслухайце мяне, страху Гасподняму навучу я вас.
Які той чалавек, што хоча жыць і жадае бачыць добрыя дні?
Стрымлівай язык свой ад зла і вусны свае ад каварных слоў.
Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру і імкніся да яго.
Вочы Госпада – на праведных, і вушы Яго – да малітвы іх.
Аблічча ж Госпада супраць тых, хто робіць зло, каб знішчыць на зямлі памяць пра іх.
Паклікалі праведныя, і Гасподзь пачуў іх, і ад усіх бед іх збавіў іх.
Блізкі Гасподзь да скрушаных сэрцамі і пакорлівых духам Ён уратуе.
Многа бед у праведных, і ад усіх іх збавіць іх Гасподзь.
Захоўвае Ён усе косці іх, і ніводная з іх не зламаецца.
Смерць грэшнікаў лютая, і хто ненавідзіць праведнага, тыя грашаць.
Збавіць Гасподзь душы рабоў Сваіх; і не саграшаць усе, хто спадзяецца на Яго.
Давідаў. Судзі, Госпадзі, крыўдзіцеляў маіх, адо́лей тых, хто змагаецца са мною.
Вазьмі зброю і шчыт і ўстань на дапамогу мне;
дастань меч і стань перашкодаю ганіцелям маім; скажы душы маёй: “Я — спасенне тваё”.
Няхай пасаромлены і зганьбаваны будуць тыя, хто шукае душу́ маю, няхай адступяць назад і будуць пасаромлены тыя, што задумалі супраць мяне зло.
Няхай будуць яны, як пыл перад абліччам ветру, і Ангел Гасподні няхай прагоніць іх;
няхай будзе шлях іх цёмны і коўзкі, і Ангел Гасподні няхай праследуе іх;
бо яны без віны маёй скрытна паставілі на пагібель мне пастку сваю, без прычыны ганьбілі душу́ маю́.
Няхай трапіць кожны з іх у пастку, пра якую не ведае, і сіло, якое ён скрытна паставіў, няхай зловіць яго, і няхай трапіць ён у пастку тую.
А душа мая ўзрадуецца ў Госпадзе, узвесяліцца спасенню, якое дае Ён;
усе косці мае скажуць: "Госпадзі, хто падобны да Цябе? Ты вызваляеш убогага ад рукі дужэйшых за яго, а ўбогага і гаротнага — ад тых, што рабуюць яго".
Паўсталі супраць мяне сведкі няправедныя; пра тое, чаго я не ведаў, пыталіся ў мяне;
адплацілі мне злом за дабро, і бясплоднасцю — душы маёй.
Я ж, калі яны даймалі мяне, апранаўся ў зрэб’е, упакорваў по́стам душу́ маю́, і малітва мая вярталася ў гру́дзі мае́.
Як бліжняму, як брату нашаму, так я дагаджаў ім; як той, хто плача і гаруе, так я ўпакорваўся.
А яны ўзрадаваліся і сабра́ліся супраць мяне; сабра́ліся, каб параніць мяне, а я не ведаў; яны раздзяліліся, але не змякчыліся.
Спакушалі мяне, насміхаліся з мяне пагардліва, скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.
Госпадзі! Калі Ты ўбачыш гэта? Адвядзі душу́ маю ад злобы іх, ад ільвоў — адзіную маю́.
Буду праслаўляць Цябе на сходзе вялікім, сярод народа шматлікага буду ўсхваляць Цябе.
Няхай не пацяшаюцца з мяне тыя, што ваявалі супраць мяне несправядліва, што без прычыны ненавідзяць мяне і перамігваюцца вачыма.
Бо са мною міралюбна размаўлялі яны, а ў гневе задумвалі каварства.
Адкрывалі супраць мяне вусны свае, казалі: "Добра, добра6, бачылі вочы нашы".
Ты бачыў, Госпадзі, не змаўчы; Госпадзі, не адступі ад мяне.
Устань, Госпадзі, і звярні ўвагу на судовую справу маю́, Божа мой і Госпадзі мой, будзь уважлівы да ця́жбы маёй.
Судзі мяне, Госпадзі, па праўдзе Тваёй, Госпадзі Божа мой, і няхай не ўзрадуюцца яны перамозе нада мною;
няхай не скажуць у сэрцах сваіх: "Добра, добра душы́ нашай"; няхай не скажуць: "Мы праглынулі яго".
Няхай будуць пасаромлены і зганьбава́ны ўсе, хто радуецца няшчасцям маім; няхай пакрыюцца сорамам і ганьбай тыя, хто ўзвышае сябе нада мною.
Няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца тыя, хто жадае майго апраўдання, і няхай гавораць заўсёды: "Няхай праславіцца Гасподзь!” — тыя, хто жадае міру рабу Яго.
І язык мой будзе навуча́цца праўдзе Тваёй, увесь дзень абвяшчаць хвалу Табе.
У канец, раба Гасподняга Давіда.
Гаворыць беззаконны сам сабе пра грэх, няма страху Божага перад вачыма яго,
бо схлусíў ён сабе, быццам убачыў беззаконне сваё і ўзненавідзеў.
Словы вуснаў яго — беззаконне і падман, не захацеў ён навучы́цца рабіць дабро;
беззаконне задумваў ён на пасцелі сваёй, станавіўся на ўсякі шлях нядобры, і зла не цураўся.
Госпадзі! На нябёсах міласць Твая, і ісціна Твая — да аблокаў,
праўда Твая — як горы Божыя, суды Твае — як бездань вялікая; людзей і жывёлу захава́еш Ты, Госпадзі.
Як памножыў Ты міласць Сваю, Божа! Сыны чалавечыя пад покрывам крылаў Тваіх у бяспецы будуць.
Насы́цяцца тукам з дома Твайго, і з патоку слодычы Тваёй Ты напо́іш іх;
бо ў Цябе крыніца жыцця, у святле Тваім мы ўбачым святло.
Падоўжы міласць Тваю да тых, хто ведае Цябе, і праўду Тваю — да праведных сэ́рцам.
Няхай не наблізіцца да мяне нага ганарліўца, і рука грэшніка няхай не пахісне́ мяне.
Там папа́далі ўсе, хто чыніў беззаконні, яны былі зры́нуты і не змогуць устаць.
Давідаў. Не раўняйся на тых, хто робіць зло, і не зайздросці тым, хто чы́ніць беззаконне,
бо яны, як трава, хутка засохнуць, і, як зялёная расліна, хутка прападу́ць.
Спадзявайся на Госпада і рабі дабро, і жыві на зямлі і будзеш ускормлены багаццем яе.
Суцяшайся Госпадам, і Ён дасць табе тое, што просіць сэрца тваё.
Адкрый перад Госпадам шлях твой і спадзявайся на Яго, і здзе́йсніць Ён:
і зробіць яўнай, як святло, праўду тваю, і лёс твой — як поўдзень.
Скарыся перад Госпадам і малі Яго; і не зайздросці таму, хто паспяховы на шляху сваім, чалавеку, які чы́ніць беззаконне.
Спыні гнеў, і адкінь ярасць, і не імкніся рабіць зло,
бо тыя, хто робіць зло, будуць знішчаны, а тыя, хто цвёрда трымаецца Госпада, унасле́дуюць зямлю.
Яшчэ трохі, і не стане грэшніка; і будзеш шукаць месца, дзе ён быў, і не знойдзеш.
А лагодныя ўнасле́дуюць зямлю і ўсцешацца мірам вялікім.
Назірае грэшнік за праведным і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
Гасподзь жа пасмяецца з яго, таму што прадбачыць, што прыйдзе дзень яго.
Меч дасталі грэшнікі, нацягнулі лук свой, каб нізры́нуць беднага і ўбогага, каб закалоць тых, у каго праведнае сэрца;
меч іх няхай увойдзе ў сэрцы іх, і лукі іх няхай зламаюцца.
Лепш нямногае ў праведніка, чым вялікае багацце грэшнікаў,
таму што рукі грэшных будуць злама́ны, а праведных умацоўвае Гасподзь.
Ведае Гасподзь шляхі беззаганных, і здабытак іх застане́цца навечна;
не будуць яны пасаромлены ў час ліхі і ў дні голаду насыцяцца.
Бо грэшнікі загінуць, і ворагі Гасподнія ў час праслаўлення і ўзвышэння іх прападуць, як дым, знікнуць.
Бярэ пазыку грэшнік і не вярта́е, а праведны шчодра дае;
бо хто благаслаўляе Яго, тыя ўнасле́дуюць зямлю, а хто праклінае Яго, будуць вы́нішчаны.
Госпадам крокі чалавека накіроўваюцца, і Ён вельмі спрыяе шля́ху яго;
калі упадзе ён, то не разаб’ецца, бо Гасподзь падтрымлівае за руку́ яго.
Я быў малады і вось састарыўся, але не бачыў праведніка пакінутым, і нашчадкаў яго, якія просяць хлеба;
штодзень міласць праяўляе і ў пазыку дае праведнік, і нашчадкам яго благаславенне будзе.
Ухіляйся ад зла і рабі дабро — і жыць будзеш вечна,
бо Гасподзь любіць правасуддзе і не пакіне праведных Сваіх, навекі яны ахаваны будуць; а беззаконныя будуць вы́гнаны, і нашчадкі бязбожных знішчаны будуць.
Праведныя ж унаследуюць зямлю і будуць жыць на ёй вечна.
Вусны праведніка будуць навуча́цца мудрасці, і язык яго будзе абвяшчаць праведны суд.
Закон Бога ў сэрцы яго; і не спатыкнуцца ногі яго.
Падсцерага́е грэшнік праведніка і шукае, як забіць яго,
але Гасподзь не аддасць яго ў рукі таго, і не асу́дзіць яго, калі будзе судзíць яго.
Спадзявайся на Госпада і трымайся шля́ху Яго, і Ён узвы́сіць цябе, каб ты ўнаследаваў зямлю; і знішчэнне грэшнікаў ты ўбачыш.
Бачыў я бязбожніка, які выхваляўся і ўзвышаў сябе, нібы кедры ліванскія;
і прайшоў я міма, і вось, не стала яго, і я шукаў яго і не знайшоў месца, дзе ён быў.
Захоўвай нявіннасць і трымайся праведнасці, бо ёсць будучыня ў чалавека мірнага;
а беззаконныя ўсе знішчаны будуць; астанкі бязбожных будуць знішчаны.
Спасенне ж праведнікам — ад Госпада, і Ён — абарона ім у час бяды;
і дапаможа ім Гасподзь, і ўратуе іх, і збавіць іх ад грэшнікаў, і захавае іх, бо яны спадзяваліся на Яго.
Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу.
Госпадзі, у ярасці Тваёй не выкрыва́й мяне, і ў гневе Тваім не кара́й мяне,
бо стрэлы Твае ўпілíся ў мяне, і паклаў Ты на мяне руку́ Тваю;
няма ацалення плоці маёй перад абліччам гневу Твайго, няма міру касцям маім перад абліччам грахоў маіх.
Бо беззаконні мае́ падняліся вышэй галавы маёй; як цяжар вялікі, яны абцяжарылі мяне.
Засмярдзелі і загнаіліся раны мае з-за неразумнасці маёй.
Пакутаваў я і згорбіўся зусім, увесь дзень панураны хадзіў,
бо ўсё нутро маё поўнае нечыстаты́ і няма ацалення плоці маёй.
Нацярпеўся я зла і прынíжаны быў да крайнасці; крычаў ад пакуты сэрца майго.
Госпадзі, перад Табою кожнае жаданне маё, і ўздыханне маё ад Цябе не ўтаілася.
Сэрца маё ўстрывожана, пакінула мяне сіла мая; і святла вачэй маіх — і яго няма ў мяне.
Сябры мае і суседзі мае наблізіліся да мяне і сталі супраць мяне,
і бліжнія мае далёка ад мяне сталі7; і напружыліся тыя, што шукалі душы маёй, і тыя, што жадалі мне зла, гаварылі пустое і каварства цэлы дзень замышлялі.
Я ж, як глухі, не чуў, і як нямы́, не адкрываў вуснаў сваіх;
і быў я, быццам чалавек, які не чуе і не ма́е ў вуснах сваіх пярэчання.
Бо на Цябе, Госпадзі, я спадзяваўся: Ты пачуеш, Госпадзі Божа мой.
Таму я сказаў: “Няхай не пацяшаюцца з мяне ворагі мае”; бо калі пахіснуліся ногі мае, яны ўзвыша́лі сябе нада мною.
Але я прыняць раны гатовы, і пакуты мае́ перада мною заўжды.
Таму пра беззаконне сваё я буду гаварыць, і буду ўсведамляць за грэх свой.
А ворагі мае жывуць і сталі мацнейшымі за мяне, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва.
Тыя, што плацяць мне злом за дабро, абылгалі мяне, бо я імкнуўся да добрага.
Не пакінь мяне, Госпадзі Божа мой, не адступі ад мяне!
Прыйдзі на дапамогу мне, Госпадзі спасення майго!
У канец, Ідыфу́му, песня Давіда.
Сказаў я: “Буду сачыць за шляхамі маімі, каб не грашы́ць языком маім”. Паставіў я да вуснаў маіх ахову, пакуль стаіць грэшнік перада мною.
Я анямеў, і ўпакорыўся, і маўчаў, пазбаўлены дабра; і пакуты мае вярнуліся.
Запала́ла сэрца маё ўва мне, і ў думках маіх загарэўся агонь. Прамовіў я языком маім:
“Скажы мне, Госпадзі, пра канец мой і колькасць дзён маіх, якая яна, каб я ведаў, колькі мне застаецца.
Вось, пя́дзямі Ты адмераў дні мае, і існаванне маё — быццам нішто перад Табою. Сапраўды, усё — марнасць, кожны жывы чалавек.
Так, падобна прывіду ходзіць чалавек, толькі марна клапоціцца, збірае скарб і не ведае, для каго збірае яго.
І цяпер хто надзея мая? Хіба не Гасподзь? І існаванне маё ад Цябе паходзіць.
Ад усіх беззаконняў маіх збаў мяне; на глумленне неразумнаму Ты аддаў мяне.
Я стаў нямым і не адкрываў вуснаў маіх, бо Ты зрабіў мне так.
Адвядзі ад мяне ўдары Твае, бо ад моцнай рукі Тваёй я знямог.
Выкрываючы, за беззаконні Ты пакараў чалавека і нетрывалым, як павуцінне, зрабіў жыццё яго. Сапраўды, марна клапоціцца кожны чалавек.
Пачуй малітву маю, Госпадзі, і маленне маё выслухай; не маўчы ў адказ на слёзы мае, бо вандроўны я ў Цябе і пры́шлы, як і ўсе бацькі мае.
Дай мне палёгку, каб я супакоіўся, перш чым адыду, і больш не будзе мяне”.
У канец, псалом Давіда.
Цярпліва я спадзяваўся на Госпада, і Ён схіліўся да мяне і пачуў малітву маю;
і выцягнуў мяне з рова пакут і з топкага балота, і паставіў на камень ногі мае, і скіраваў ступні мае,
і ўклаў у вусны мае песню новую, хвалу́ Богу нашаму. Убачаць многія і ўстраша́цца, і будуць спадзявацца на Госпада.
Блажэнны чалавек, для якога імя Гасподняе — спадзяванне яго, і ён не зважа́е на марнасць і на хваляванні падма́нныя.
Многа здзейсніў Ты, Госпадзі Божа мой, цудаў Тваіх, і ў задумах Тваіх ніхто не параўнаецца з Табой; абвяшчаў я і казаў, што ім ліку няма.
Ахвяры і прынашэння не пажадаў Ты, цела ж угатаваў мне; усеспаленняў і ахвяр за грэх Ты не патрабаваў.
Тады сказаў я: “Вось, іду, як у скрутку кніжным напісана пра мяне;
выканаць волю Тваю, Божа мой, я пажада́ў, і закон Твой — глыбока ўнутры мяне”.
Абвяшчаў я праўду на сходзе вялікім; вуснам маім гэтага не забараню; Ты, Госпадзі, ведаеш.
Праўду Тваю не хаваў я ў сэрцы маім, абвяшчаў ісціну Тваю і спасенне Тваё, не ўтойваў міласці Тваёй і ісціны Тваёй ад сходу вялікага.
Ты ж, Госпадзі, не адымі шчодрасцей Тваіх ад мяне; міласць Твая і ісціна Твая няхай заўсёды ахоўваюць мяне.
Бо акружылі мяне беды, якім ліку няма; спасціглі мяне беззаконні мае, так што не мог я глядзець; стала іх больш, чым валос на маёй галаве, і сэрца маё пакінула мяне.
Будзь ласка́вы, Госпадзі, збаў мяне; Госпадзі, на дапамогу мне паспяшы.
Няхай пасаромлены і зганьбаваны будуць усе, хто шукае душу́ маю, каб загубíць яе; няхай адступяць назад і будуць пасаромлены тыя, хто жадае мне зла.
Няхай адразу панясуць на сабе ганьбу тыя, што кажуць мне: “Добра, добра!”
Няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца з Табою ўсе, хто шукае Цябе, Госпадзі, і няхай гавораць заўсёды: "Няхай праслаўлены будзе Гасподзь!” — тыя, хто лю́біць спасенне Тваё.
Я ж бедны і ўбогі, але Гасподзь паклапоціцца пра мяне. Ты — Памочнік мой і Абаронца мой. Божа мой, не марудзь!
У канец, псалом Давіда.
Блажэнны той, хто дбае пра беднага і ўбогага, у дзень бедства збавіць яго Гасподзь.
Няхай Гасподзь захавае яго, і зберажэ́ жыццё яго, і дасць яму блажэнства на зямлі, і не аддасць яго ў рукі ворагаў яго.
Няхай Гасподзь дапаможа яму на ложы пакут яго; усю пасцель яго Ты перамяніў у час хваробы яго.
Я сказаў: “Госпадзі, памілуй мяне, ацалі душу маю, бо я саграшыў перад Табою”.
Ворагі мае сказалі пра мяне злое: "Калі памрэ ён і загіне імя яго?"
І калі хто з іх прыходзіў пабачыць мяне, гаварыла няпраўду сэрца яго, збіраў ён беззаконне ў сабе, выходзіў вонкі, і змаўляліся яны між сабою.
Пра мяне шапталіся ўсе ворагі мае, супраць мяне замышлялі зло.
Словы беззаконныя прамаўлялі супраць мяне: “Няўжо ён, паміраючы, яшчэ ўстане?"
Нават прыхільны да мяне чалавек, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, узняў на мяне пяту́.
Але Ты, Госпадзі, памілуй мяне і падымі мяне, і я адплачу ім.
Па тым даведаюся, што я ўгодны Табе, калі не пацешыцца з мяне вораг мой.
А мяне за незласлівасць прыняў Ты і ўмацаваў мяне перад абліччам Тваім навек.
Благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў адвеку і давеку! Няхай будзе так, няхай будзе!
У канец, для настаўлення, сынам Карэевым.
Як імкнецца алень да крыніц вады, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа!
Прагне душа мая да Бога моцнага8, жывога: калі прыйду я і з'яўлюся перад абліччам Божым?
Слёзы мае былі мне хлебам удзень і ўначы, калі гаварылі мне штодня: “Дзе Бог твой?"
Успамінаў я пра гэта і раскрываў перад сабою душу́ сваю: вось, пайду я да месца сялібы дзівоснай, да самага дома Божага, пад гукі радасці і праслаўлення, воклічы святочныя.
Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.
Збянтэжылася ўва мне душа мая; таму буду ўспамінаць Цябе на зямлі Іарданскай і Ярмонскай, на гары Малой.
Адна бездань кліча другую голасам вадаспадаў Тваіх; усе валы вод Тваіх і хвалі Твае прайшлі нада мною.
Удзень праяўляе Гасподзь міласць Сваю, а ўночы — песня Яму ад мяне, малітва Богу жыцця майго.
Скажу Богу: “Ты — заступнік мой, чаму забыў Ты мяне? І чаму хаджу я, бядуючы, калі зневажае мяне вораг мой?"
Калі трашча́лі косці мае, здзекваліся з мяне супраціўнікі мае, гаворачы мне штодня: “Дзе Бог твой?"
Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.
Псалом Давіда, не надпісаны ў Яўрэяў
Судзі мяне, Божа, і рассудзі ця́жбу маю́; ад народа нядобрага, ад чалавека няправеднага і каварнага збаў мяне.
Бо Ты, Божа, — сіла мая. Чаму Ты адкнуў мяне? І чаму хаджу я, бядуючы, калі зневажае мяне вораг мой?
Пашлі святло Тваё і ісціну Тваю: яны наставяць мяне і ўзвядуць мяне на гару святую Тваю і ў сялібы Твае.
І падыду́ я да ахвярніка Божага, да Бога, Які дае радасць маладосці маёй; на гуслях праслаўлю Цябе, Божа, Божа мой!
Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.
У канец, сынам Карэевым, для настаўлення, псалом.
Божа, вушамі сваімі чулі мы і айцы нашы абвясцілі нам пра справу, якую здзейсніў Ты ў дні іх, у дні даўнія.
Рука Твая знішчыла плямёны, а іх, айцоў нашых, насадзіў Ты; перамог Ты народы і выгнаў іх.
Бо не мячом сваім айцы нашы здабылí зямлю, і не сіла іх уратавала іх, а дзясніца Твая, і сіла Твая, і святло аблічча Твайго, таму што Ты быў прыхільны да іх.
Ты Сам — Цар мой і Бог мой, Ты даеш спасенне Іакаву.
З Табою мы паразім, як рага́мі, ворагаў нашых і з імем Тваім знішчым тых, хто паўстае супраць нас.
Бо не на лук мой я спадзяюся, і меч мой не ўратуе мяне;
таму што Ты ўратаваў нас ад прыгнятальнікаў нашых і пасароміў тых, хто ненавідзіць нас.
Будзем усхваляць Бога кожны дзень і праслаўляць імя Тваё вечна.
Але цяпер Ты адкінуў і пасароміў нас, і не выходзіш Ты, Божа, з воінствам нашым;
Ты змусіў нас уцякаць ад ворагаў нашых, і ненавіснікі нашы сілай забіралі ўсё сабе;
Ты аддаў нас, як авечак, на з’ядзенне і паміж народаў рассеяў нас;
Ты аддаў народ Твой за бясцэнак, і не многа засталося нас, якія ўсклікаюць да Цябе.
Ты пакінуў нас на глумленне суседзям нашым, на пагарду і знявагі — тым, што жывуць вакол нас;
Ты зрабіў нас прытчаю сярод язычнікаў, ківаюць на нас галавою народы.
Кожны дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрыў мяне
ад голасу крыўдзіцеля і паклёпніка, ад аблічча ворага і прыгнятальніка.
Усё гэта спасцігла нас, але мы не забылі Цябе і не парушылі запавету Твайго;
і не аддалілася сэрца наша, хоць і ўхіліў Ты сцяжыны нашы ад шля́ху Твайго.
Бо Ты ўпакорыў нас на месцы пакут, і пакрыў нас цень смяротны.
Калі б забылі мы імя́ Бога нашага і калі б узнялí рукі нашы да бога чужога,
то хіба́ не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцу сэрца.
Але за Цябе нас аддаюць на смерць кожны дзень, лíчаць нас аве́чкамі, прызна́чанымі на зарэ́з.
Паўстань, чаму Ты спіш, Госпадзі? Устань і не адкінь нас да канца.
Чаму адварочваеш Ты аблічча Тваё, забываеш беднасць нашу і прыгне́чанасць нашу?
Бо скінута ў пыл душа наша, і да зямлі прыціснута цела наша.
Устань, Госпадзі, памажы нам і выратуй нас дзеля імя Твайго!
У канец, для тых, якім належыць перамяніцца, сынам Карэевым, для настаўлення, песня пра Узлюбленага.
Прамовіла сэрца маё слова добрае, кажу я пра справы мае Цару, язык мой — трысцінка кніжніка-скарапісца.
Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; ліе́цца благадаць з вуснаў Тваіх; таму благаславіў Цябе Бог навекі.
Павесь меч Твой на паясніцы Тваёй, Магутны, у прыгажосці Тваёй і ў ве́лічы Тваёй,
і ўмацуйся, і дасягай поспеху, і царствуй дзеля ісціны, і лагоднасці, і праўды, і накіруе цябе дзівосна дзясніца Твая.
Стрэлы Твае завостраны, Магутны, народы перад Табою падуць, стрэлы пранíжуць сэрцы ворагаў Цара.
Прастол Твой, Божа, на векі вякоў; жазло праўды — жазло Царства Твайго.
Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш, чым супольнікаў Тваіх.
Смірнай, і алоэ, і ка́сіяй пахнуць адзенні Твае, у харомах са слановай косці ўзвесяляюць Цябе.
Дочкі цароў у пашане ў Цябе; стала царыца праваруч Цябе, апранутая ў адзенне, пазалотай аздобленае.
Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі вуха тваё, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.
І пажадае Цар прыгажосці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты паклонішся Яму.
І дачка Тыра прыйдзе з дара́мі; абліччу твайму паклоняцца найбагацейшыя з народа.
Уся слава дачкі Цара — унутры яе; адзенне яе залатою махрою аздоблена.
Прывядуць да Цара дзеў услед за ёю; бліжніх яе прывядуць да Цябе;
прывядуць іх з весялосцю і радасцю, увядуць у хорам Цара.
Замест айцоў Тваіх будуць сыны́ Твае; Ты паставіш іх правіцелямі па ўсёй зямлі.
Памятным зраблю імя Тваё з роду ў род; таму народы будуць славіць Цябе ў век і векі вечныя.
У канец, сыноў Карэевых, пра тайны, псалом.
Бог — наша прыстанішча і сіла, памочнік у цяжкіх бедах, што напаткалі нас.
Таму не будзем баяцца, калі затрасе́цца зямля і нізры́нуцца горы ў глыбíні марскія.
Зашумелі і ўзрушыліся воды іх, узрушыліся горы сілаю Яго.
Імклівыя воды ракí весяляць горад Божы, асвяціў паселішча Сваё Усявышні.
Бог пасярод яго, і горад не зру́шыцца, дапаможа яму Бог з самай раніцы.
Узру́шыліся народы, пахіснуліся царствы, Усявышні падаў голас Свой, задрыжэ́ла зямля.
Гасподзь сіл з намі, заступнік наш — Бог Іакава.
Прыйдзіце і ўбачце справы Божыя, цуды, якія Ён здзейсніў на зямлі:
Ён спы́ніць войны да краёў зямлі, паламае лук, і знішчыць зброю, і шчыты спа́ліць агнём.
Супакойцеся і зразумейце, што Я — Бог, Я буду ўзвялíчаны сярод народаў, буду ўзвялíчаны на зямлі.
Гасподзь сіл з намі, заступнік наш — Бог Іакава.
У канец, сыноў Карэевых, псалом.
Усе наро́ды, запля́скайце ў далоні, усклíкніце Бо́гу го́ласам ра́дасці,
бо Гасподзь Усявышні — грозны, Цар вялікі на ўсёй зямлі.
Ён пакары́ў нам народы, і плямёны — пад ногі нашы;
Ён выбраў нас у спадчыну Сваю, красу Іакава, якую ўзлюбіў.
Узня́ўся Бог пры ўскліка́ннях, Гаспо́дзь — пад гу́кі тру́бныя.
Спявайце Богу нашаму, спявайце; спявайце Цару нашаму, спявайце;
бо Цар усёй зямлі — Бог; спявайце з разуменнем.
Бог царуе над народамі, Бог сядзіць на святым прастоле Сваім;
Правіцелі народаў сабра́ліся да Бога Аўраа́мавага; таму што Божыя ўладары́ зямлі высока ўзне́сены.
Псалом, песня сыноў Карэевых, на другі дзень тыдня.
Вялікі Гасподзь і годны высокай хвалы́ ў горадзе Бога нашага, на гары святой Яго,
добра ўмацаванай на радасць усёй зямлі. Горы Сіёнскія, схілы паўночныя — горад Цара вялікага.
Бог у харомах яго адкрывае Сябе, калі абараняе яго.
Бо вось, цары зямныя сабра́ліся, сышліся разам;
яны, убачыўшы гэта, здзівіліся, збянтэжыліся, узру́шыліся,
дрыго́та ахапіла іх, там спасціглі іх пакуты, як у парадзíхі.
Ветрам бурным разаб'еш Ты караблі Фарсійскія.
Што мы чулі, тое і ўбачылі ў горадзе Госпада сіл, у горадзе Бога нашага; Бог заснаваў яго навечна.
Атрымалі мы, Божа, міласць Тваю сярод народа Твайго.
Як імя́ Тваё, Божа, так і хвала́ Табе — да краёў зямлі; праўдаю напоўнена дзясніца Твая.
Няхай узвесяліцца гара Сіёнская, і няхай узрадуюцца дочкі іудзейскія праведным судам Тваім, Госпадзі.
Абыйдзіце Сіён і абступíце яго; абвясцíце пра ўсё сярод вежаў яго,
звярніце сэрцы вашы да магутнасці яго, агле́дзьце харомы яго, каб абвясцíць роду наступнаму,
што Ён — Бог наш навек і на векі вякоў; Ён Пастыр наш навекі.
У канец, сыноў Карэевых, псалом.
Пачуйце гэта, усе народы, вы́слухайце ўсе, хто жыве́ ў свеце,
земнародныя і сыны́ чалавечыя, разам багаты і бедны.
Вусны мае́ прамовяць прамудрасць, і роздум сэрца майго — разуменне;
схілю я да прытчы вуха маё, адкрыю пад гукі псалтыра́ прадказанне маё.
Чаго мне баяцца ў дзень ліхі? Беззаконне шляхоў маіх абсту́піць мяне.
Вы, якія спадзеяце́ся на сілу сваю і мноствам багацця свайго хва́ліцеся!
Брат не вы́зваліць; ці вы́зваліць увогуле чалавек? Не дасць ніхто Богу выкупу за сябе
і платы за вызваленне душы сваёй; хоць і працаваў бы давеку.
Ці будзе ён жыць да канца і не ўбачыць пагібелі?
Бо ён бачыць, што мудрыя паміраюць, гэтаксама неразумны і бязглузды загінуць і пакінуць чужым багацце сваё.
І магілы іх — жытло ім навек, прыстанішча ім з роду ў род, хоць і назвалі яны імёнамі сваімі землі свае.
Але чалавек, будучы ў пашане, не зразумеў таго, стаў падобным да неразумных жывёл і зраўняўся з імі.
Такі шлях іх — спакуса для іх, ды і пасля гэтага вуснамі сваімі яны будуць ўхваля́ць яго.
Як авечкі, будуць яны ў пекла загна́ны, смерць будзе пасвіць іх, і неўзабаве праведныя будуць уладарыць над імі, і дапамога ім знікне ў пекле, з вышыні славы сваёй будуць скінуты яны.
А маю душу́ вызваліць Бог ад улады пекла тады, як Ён прыме мяне.
Не бойся, калі разбагацее чалавек альбо калі памножыцца слава дому яго,
бо калі памрэ ён, то не возьме з сабою нічога, і не пойдзе з ім слава яго.
Хоць душу́ яго пры жыцці яго будуць благаслаўляць і ён будзе хваліць цябе, калі ты зробіш яму дабро,
але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, вавекі не ўбачыць святла.
Чалавек, будучы ў пашане, не зразумеў таго, стаў падобным да неразумных жывёл і зраўняўся з імі.
Псалом Асафа. Бог багоў Гасподзь прамовіў і заклíкаў зямлю ад усходу сонца да захаду.
З Сіёна заззяла хараство Яго.
Бог ная́ве прыйдзе, Бог наш, і не будзе маўчаць; агонь перад Ім загарыцца, і вакол Яго — бура вялікая.
Ён заклíча неба з вышыні і зямлю і будзе судзíць народ Свой.
Збярыце Яму праведных Яго, якія прынялí запавет Яго пра ахвяры.
І абве́сцяць нябёсы праўду Яго, таму што Бог — Суддзя.
Слухай, народ Мой, і буду Я гаварыць табе, Ізраіль, і засведчу табе: Я Бог, твой Бог.
Не за ахвяры твае буду Я дакараць цябе, усеспаленні твае перада Мною заўжды;
не прыму ад дому твайго цяльцоў і са статкаў тваіх казлоў.
Бо Мае ўсе звяры лясныя, скаціна ў гарах і валы́,
Я ведаю ўсіх птушак нябесных, і хараство палёў — перада Мною.
Калі б Я галодны быў, то не сказаў бы табе, бо Мне належыць сусвет і ўсё, што напаўняе яго.
Хіба ем Я мяса быкоў ці п’ю кроў казлоў?
Прынясі Богу ахвяру хвалы́ і выканай перад Усявышнім абяцанні твае;
і пакліч Мяне ў дзень смутку твайго, і Я збаўлю цябе, і ты праславіш Мяне.
А грэшніку сказаў Бог: “Нашто абвяшчаеш ты пра ўстанаўленні Мае і гаворыш пра запавет Мой вуснамі сваімі?
Ты ж узненавідзеў настаўленне і адкінуў словы Мае прэч.
Калі бачыў ты злодзея, то ішоў разам з ім, і з пралюбадзеем ты быў супольнікам.
Вусны твае памнажалі зло, і язык твой сплятаў падманы;
ты сядзеў і на брата свайго ўзводзіў паклёп, на сына маці тваёй наводзіў спакусу.
Ты зрабіў гэта, а Я прамаўчаў; і ты падумаў беззаконнае, нібы́та Я буду падобны табе; але Я вы́крыю цябе і вы́яўлю перад абліччам тваім грахі твае.
Зразумейце ж гэта вы, хто забывае Бога, каб Ён не забраў у вас жыццё, і тады не будзе каму вызваліць вас.
Ахвяра хвалы́ праславіць Мяне, і гэта шлях, праз які Я адкрыю яму спасенне Маё”.
У канец, псалом Давіда, 2. калі прыйшоў да яго прарок Нафа́н пасля таго, як увайшоў ён да Вірсавíі, жонкі Урыі.
Памíлуй мяне́, Бо́жа, па вялíкай мíласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваíх ачы́сці беззако́нні мае́;
поўнасцю абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́.
Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́.
Пе́рад Табо́й адзíным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчынíў, так што Ты справядлíвы ў сло́вах Тваíх і пераможаш, калі будзеш судзíць мяне.
Бо вось у беззако́ннях зача́ты я i ў граха́х нарадзíла мяне́ ма́цi мая́.
А Ты íсцiну ўзлюбíў, невядо́мае i та́йнае з праму́драсцi Тваёй адкры́ў Ты мне.
Акрапíш мяне́ ісо́пам — i бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — i бу́ду за снег бяле́йшы.
Дасí мне пачу́ць ра́дасць i вясяло́сць — i ўзра́дуюцца ко́сцi пако́раныя.
Адвярнí аблíчча Тваё ад грахо́ў маíх i ўсе беззако́ннi мае́ ачы́сцi.
Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, i дух пра́ўды аднавí ўнутры́ мяне́.
Не адкíнь мяне́ ад аблíчча Твайго́ i Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымí ад мяне́.
Вярнí мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́.
Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваíм, i грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца.
Урату́й мяне́ ад крывí9, Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, i ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй.
Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, i ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́.
Бо калí б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не даспадобы Табе́.
Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным i пако́рлiвым Бог не пагарджа́е.
Ашчаслíў, Го́спадзі, з ла́скi Тваёй Сiён, i няха́й збуду́юцца сце́ны Iерусалíма;
тады́ даспадобы Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне i ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнiк Твой цяльцо́ў.
У канец, для настаўлення, Давідаў, 2. калі прыйшоў Даíк Ідуме́янін, і абвясціў Саулу, і сказаў яму: “Давід прыйшоў у дом Авімеле́ха”.
Чаго хвалішся злом, дужы? Беззаконнае робіш увесь дзень;
няпраўду выдумляў язык твой; як брытва навостраная стала каварства тваё.
Ты ўзлюбіў зло больш за дабро, няпраўду — больш, чым гаварыць праўду;
ты ўзлюбіў усякія словы пагібельныя, язык каварны.
За гэта Бог знішчыць цябе да канца, вырве цябе і пераселіць цябе з жытла твайго і корань твой — з зямлі жывых.
Убачаць праведнікі і ўстраша́цца, і з яго пасмяюцца і скажуць:
“Вось чалавек, які не палічыў Бога памочнікам сваім, а спадзяваўся на мноства багацця свайго і закаснеў у марнасці сваёй”.
Я ж, як маслíна пладавітая ў доме Божым; спадзяюся на міласць Божую вавек і на векі вякоў.
Буду славіць Цябе вавек за тое, што Ты здзейсніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо яно — дабро для праведнікаў Тваіх.
Цитата из Библии каждое утро
TG: t.me/azbible
Viber: vb.me/azbible